Амбасада Вялікабрытаніі ў Мінску паведаміла аб прыездзе ў Беларусь новага амбасадара Злучанага Каралеўства – Жаклін Перкінс замяніла Фіёну Гіб, місія якой скончылася 23 жніўня, паведамляе Радыё «Свабода».
Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімір Макей сустрэўся з новай амбасадар Жаклін Перкінс 30 жніўня і абмеркаваў пытанні беларуска-брытанскай супрацы, сітуацыю ў рэгіёне і пажадаў цікавай і прадуктыўнай працы.
У сацыяльных сетках амбасада прапануе вітаць і амбасадара, і яе сабакаў – Спаркі і Кесідзі.
Як адзначае БелаПАН, Перкінс прыехала яшчэ 28 жніўня. Пароды сабак, як сцвярджае агенцтва, – мальтыйскі шнаўцэр і бішон шы-цу.
Да Беларусі Перкінс працавала ў брытанскіх амбасадах у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Егіпце, Бахрэйне і Кувейце. У Кембрыджы яна вывучала нямецкую і рускую мову. Замужам, мае дваіх дзяцей.
Папярэдняя амбасадар Вялікабрытаніі Фіёна Гіб працавала ў Беларусі са студзеня 2016 году. Гіб называла галоўнай мэтай сваёй працы падтрымку незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, заклікала расследаваць знікненні беларускіх палітыкаў, віншавала са 100-годдзем БНР. Яна была адной з куратараў праекту адмены смяротнага пакарання, ня раз выступала ў абарону ЛГБТ-супольнасці.
вс