Беларуская Служба

У некаторых раёнах Беларусі забаронена наведваць лясы з-за высокай небяспекі пажараў

15.09.2019 10:27
Падчас забароны на наведванне лясоў людзям нельга з’яўляцца ў лясах, а таксама прыязджаць туды на асабістым транспарце.
Ілюстрацыйны здымакShutterstock/Ververidis Vasilis

На 15 і 16 верасня на Гомельшчыне абвясцілі штармавое папярэджанне і забаранілі наведваць лясы, піша Свабода са спасылкай на Міністэрства лясной гаспадаркі. На момант публікацыі забарона не закранула Акцябрскі і Рагачоўскі раёны.

Таксама забаранілі наведваць лясы ў шасці раёнах Брэстчыны і трох раёнах Магілёўшчыны.

У гэтых раёнах 15-16 верасня назіраецца надзвычайная небяспека пажараў. 16 верасня ў многіх раёнах Беларусі чакаецца ўзмацненне ветру да 15-20 м/с, паведамілі ў Белгідрамэце.

Падчас забароны на наведванне лясоў людзям нельга з’яўляцца ў лясах, а таксама прыязджаць туды на асабістым транспарце. Выключэннем з’яўляюцца дарогі, якія вядуць да населеных пунктаў ці лецішчаў праз лес. Ва ўсіх астатніх выпадках парушальнікаў могуць пакараць папярэджаннем ці штрафам каля 640 рублёў паводле арт. 15.29 КаАП. Калі будзе пашкоджаны лес ці тарфянік, штраф павялічыцца ўдвая.