Такімі словамі, прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант пракаментавала «Нашай Ніве» інфармацыю пра праграму эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расіі, якую апублікаваў расійскі «Камерсант».
Дадзенае выданне паведаміла, што неўзабаве будзе створаны адзіны Падатковы кодэкс для Беларусі ды Расеі, знешнегандлёвы рэжым і Грамадзянскі кодэкс, абʼяднаны банкаўскі нагляд, але з двума цэнтрабанкамі, адзіны рэгулятары рынкаў нафты, газу і электраэнергіі.
У сваю чаргу Наталля Эйсмант заявіла, што ў аснове любых інтэграцыйных працэсаў ляжыць тэзіс аб незалежнасці Беларусі і Расіі.
«Гэта святое! Чырвоныя сцяжкі – гэта суверэнітэт і незалежнасць кожнай з краін. У інтэграцыйных працэсах мы ідзем на тыя крокі, якія эканамічна мэтазгодныя. Ніякіх сумесных органаў не ствараецца – да гэтага краіны не гатовыя», – падкрэсліла прэсавая сакратарка.
Яна нагадала, што на ўзроўні ведамстваў у Беларусі і Расіі выдатна наладжана работа сумесных калегій, эфектыўна працуюць Парламенцкі сход, Саюзны Саўмін, Вышэйшы дзяржсавет Саюзнай дзяржавы. «Гэта тыя органы, праз якія, паводле дамоўленасцяў прэзідэнтаў, вырашаюцца і будуць вырашацца пытанні двухбаковых адносін», – мяркуе яна.
Апроч таго праграма стане Праграмай, толькі тады, калі яе падпішуць прэзідэнты і яна будзе прынята на вышэйшым Дзяржсавеце ў снежні – зноў жа, калі бакі будуць да гэтага гатовыя, падсумавала Наталля Эйсмант.
юл