Беларуская Служба

«Шэнген» будзе каштаваць беларусам 35 еўра

23.09.2019 10:02
Шубель: Такім чынам адбудзецца праз два месяцы пасля заключэння двух неабходных пагадненняў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: StelaDi/pixabay.com/CC0 Public Domain

Цана шэнгенскай візы для беларусаў знізіцца да 35 еўра праз два месяцы пасля заключэння паміж Беларуссю і Еўрасаюзам пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Аб гэтым у эфіры тэлеканала АНТ расказаў кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Дзірк Шубель, паведамляе БЕЛТА.

Адказваючы на пытанне аб тым, калі шэнгенская віза стане для беларусаў таннейшай, Дзірк Шубель падкрэсліў, што канкрэтную дату пакуль назваць немагчыма. «З уступленнем у сілу абодвух пагадненняў, візавы збор знізіцца з цяперашніх 60 еўра да 35 еўра. Я не хацеў бы называць канкрэтную дату, але запэўніваю, што мы працуем над тым, каб гэта адбылося», - сказаў ён.

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі нагадаў, што перагаворы па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі завяршыліся раней у бягучым годзе, а цяпер абодва бакі праводзяць працэдуры, што «дадуць магчымасць падпісаць гэтыя два пагадненні, якія ўступяць у сілу праз два месяцы пасля заключэння». «Тут неабходна разумець, што еўрапейскаму боку патрэбны некаторы час - у ЕС 28 краін і гэта доўгі працэс. І нам таксама трэба будзе атрымаць згоду Еўрапейскага парламента пасля падпісання. Але я настроены аптымістычна на тое, што гэта хутка адбудзецца», - сказаў Дзірк Шубель.

Як паведамлялася, Беларусь завяршыла ўнутрыдзяржаўныя працэдуры па пагадненні з Еўрапейскім саюзам аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам прынята рашэнне аб падпісанні гэтых дакументаў. Гэтаму кроку папярэднічаў даволі складаны і доўгі па часе перагаворны працэс з Еўрапейскім саюзам, па выніках якога выпрацаваны ўзаемапрымальныя тэксты, якія ў найбольш поўнай меры ўлічваюць інтарэсы абодвух бакоў. Цяпер чакаецца сігнал ад еўрапейскіх партнёраў аб завяршэнні неабходных працэдур з іх боку, пасля чаго будуць вызначаны канкрэтныя мадальнасці падпісання.

Пагадненні будуць заключаны ў пакеце, іх уступленне ў сілу прадугледжваецца ў адзін дзень. Аднак перад гэтым дакументы павінны быць ратыфікаваны Нацыянальным сходам Беларусі і адобраны Еўрапейскім парламентам.

Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС прадугледжвае зніжэнне кошту «шэнгена» з 60 да 35 еўра і прыняцце рашэння аб выдачы візы ў тэрмін да 10 дзён (у выпадку дадатковай праверкі тэрмін можа павялічыцца да 30 дзён).

аз