Беларуская Служба

Беларусь у рэйтынгу Doing business Сусветнага банка апусцілася на 49-е месца

24.10.2019 10:03
Пры гэтым краіны ЕАЭС і суседзі Беларусі размясціліся ў рэйтынгу „Вядзенне бізнесу — 2020” вышэй.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo: geralt /pixabay.com/CC0 Public Domain

Беларусь пагоршыла свае пазіцыі ў штогадовым даследаванні Сусветнага банка „Вядзенне бізнесу — 2020”, паведамляе БелаПАН.

Рэйтынг складзены на аснове сярэдніх паказчыкаў кожнай краіны па 10 сферах рэгулявання бізнесу, уключаных у сукупную ацэнку за бягучы год. У даследаванні прааналізаваная сітуацыя ў 190 краінах свету.

У даследаванні Doing business — 2020 Беларусь заняла 49-е месца паводле ўмоў вядзення бізнесу, у леташнім аналагічным рэйтынгу — 37-е. Да пагаршэння рэйтынгу Беларусі прывяло змяненне сітуацыі з абаронай правоў мінарытарных акцыянераў.

Аўтары даследавання адзначаюць, што ў Беларусі для кампаній павялічаныя тэрміны апавяшчэння аб здзелках з афіляванымі асобамі, і гэта, на думку экспертаў, пагаршае інфармаванасць мінарытарных акцыянераў аб сітуацыі ў акцыянерных таварыствах.

Пры гэтым краіны ЕАЭС і суседзі Беларусі размясціліся ў рэйтынгу вышэй. Так, Казахстан у даследаванні заняў 25-е месца, Расія — 28-е, Арменія — 47-е, Літва — 11-е, Эстонія — 18-е, Латвія — 19-е, Польшча — 40-е.

Беларускія ўлады даўно плануюць увайсці ў трыццатку вядучых краін свету па ўмовах вядзення бізнесу. У 2016 годзе тагачасны дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Пётр Арушаньянц заяўляў, што Беларусь мае намер да 2020 года вырашыць гэтую задачу.

У сваю чаргу, аўтары даследавання Сусветнага банка неаднаразова рэкамендавалі ўладам Беларусі правесці рэформы, накіраваныя на зніжэнне падатковай нагрузкі на бізнес з мэтай паляпшэння рэйтынгу краіны. Па гэтым паказчыку Беларусь у даследаванні Doing business — 2020 заняла 99-е месца (год таму — такое ж).

Раней спецыялісты Сусветнага банка канстатавалі, што агульная стаўка падаткаў і збораў у адносінах да прыбытку арганізацыі ў Беларусі складае 52,9%, у Еўропе і Цэнтральнай Азіі гэты паказчык складае 33,1%, у краінах АЭСР з высокім узроўнем даходаў — 40,1%.

Такім чынам, на думку экспертаў Сусветнага банка, падатковая нагрузка ў Беларусі істотна вышэйшая, чым у іншых краінах.

аз