Беларуская Служба

У Нур-Султане праходзіць беларуска-казахстанскі бізнес-форум

24.10.2019 12:11
У студзені-жніўні тавараабарот паміж Беларуссю і Казахстанам перасягнуў $630 млн.
 .
Сцяг Казахстана.Photo: OpenClipart-Vectors/pixabay.com/CC0 Public Domain

У Нур-Султане сёння пачаў работу беларуска-казахстанскі бізнес-форум. У ім чакаецца ўдзел амаль 200 прадпрыемстваў з абедзвюх краін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Мерапрыемствы ў Нур-Султане праходзяць паралельна візіту кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Казахстан. У бізнес-форуме ўдзельнічаюць больш за 40 беларускіх прадпрыемстваў. Іх прадстаўнікі ўжо наведалі свабодную эканамічную зону, азнаёміліся з дзейнасцю тэхнапарка Нур-Султана. З казахстанскага боку на форуме чакаюць больш за 150 кампаній.

Старшыня БелГПП Уладзімір Улаховіч заявіў журналістам, што беларускі бок разлічвае на эфектыўныя перагаворы. Ён нагадаў, што два гады таму кіраўнік дзяржавы паставіў задачу выйсці на $1 млрд у гандлі з Казахстанам. У 2018 годзе краіны амаль дасягнулі гэтага ўзроўню: тавараабарот наблізіўся да $900 млн.

Уладзімір Улаховіч чакае, што на бізнес-форуме будзе закладзена аснова для доўгатэрміновага супрацоўніцтва як у традыцыйных сферах (машынабудаванне, пастаўкі прадуктаў харчавання), так і па новых напрамках.

Усяго на бізнес-форуме плануецца падпісаць 15 камерцыйных дакументаў. Паводле слоў Уладзіміра Улаховіча, падагульняючая лічба кантрактаў будзе даволі вялікай.

У студзені-жніўні тавараабарот паміж Беларуссю і Казахстанам перасягнуў $630 млн. Аснову беларускага экспарту сфарміравалі пастаўкі трактароў і седлавых цягачоў, малака і малочных прадуктаў, сметанковага масла, сельскагаспадарчай тэхнікі, ялавічыны, мэблі, грузавых аўтамабіляў, цукру. З Казахстана імпартуюцца нафтапрадукты, нафтавыя газы, каменны вугаль, рэйкі, бавоўнавае валакно, неапрацаваны алюміній, ільняное семя.

Тавараправодная сетка беларускіх прадпрыемстваў у Казахстане ўключае больш за 40 кампаній, створаных з прыцягненнем беларускага капіталу, і больш за 170 суб'ектаў дылерскай сеткі. У Казахстане створана сем сумесных зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі і абсталявання.-

аз