У наступным годзе заплаціць бескантактавай картай можна будзе ў любым аўтобусе і тралейбусе ў Мінску.
Пра гэта на Мінскім транспартным форуме расказала выканаўчы дырэктар БПС-Сбербанка Марына Асіпоўская. Цяпер такім чынам заплаціць за праезд можна ў метро, а таксама ў трамваях, якія ходзяць па маршруце № 6 «Серабранка – Зялёны Луг», паведамляе Tut.by
Магчымасць аплаціць праезд у метро карткай з'явілася ў чэрвені 2018 года, у трамваі № 6 – у маі гэтага года. У наземным транспарце гэтая сістэма пакуль працавала ў тэставым рэжыме.
«Тэставанне дазволіла максімальна падрыхтавацца да маштабнага запуску сістэмы аплаты праезду бескантактавымі банкаўскімі картамі. (...) Заадно мы пераканаліся, што тэхналогія карыстаецца вялікім попытам у пасажыраў», – расказала Марына Асіпоўская.
Кошт праезду пры бескантактавай аплаце адрознівацца не будзе.
Скарыстацца можна карткай любога банка плацежных сістэм Visa, Mastercard і Белкарт-Maestro, таксама падыдзе аплата з дапамогай тэлефона, разумнага гадзінніка і іншых прылад, якія падтрымліваюць тэхналогію NFC. Каб аплаціць праезд, трэба паднесці картку або прыладу да валідатара.
Праект рэалізуюць БПС-Сбербанк, IBA Group і «Мінсктранс».
вс