Мінскі гарадскі суд зноў вярнуўся да нашумелай справы медыкаў. Гаворка ідзе пра аднаго з фігурантаў карупцыйнай справы, вядомага лекара, акадэміка Аляксандра Бялецкага, які атрымаў 7,5 гадоў турэмнага зняволення за хабар у асабліва буйных памерах. Ён адбывае пакаранне ў калоніі Віцьба – піша Tut.by.
Акадэмік звярнуўся ў суд з заявай адмяніць канфіскацыю яго маёмасці і вызваліць яго ад дадатковага пакарання. Заява была магчымая ў сувязі з унясеннем зменаў у Крымінальны кодэкс Беларусі, якія адмянілі дадатковае пакаранне ў выглядзе канфіскацыі маёмасці. Таму прысуд Бялецкаму неабходна было перагледзець.
У рашэнні суду было названае ўсё, што вернуць лекару: між іншым памятныя манеты, сталовыя прыборы, звыш 125 тыс. долараў на рахунках у банках, аўто BMW, гараж і кватэру ў Мінску, будынак у Ратамцы, месца на паркоўцы, 65 тыс. еўра, 354 тыс. долараў, аблігацыі, мабільны тэлефон.
Нагадаем, у лютым суд прызнаў акадэміка вінаватым у атрыманні хабару. Сам Бялецкі не аспрэчваў: ён сапраўды атрымаў 4 тыс. еўра і 3 тыс. долараў, але заявіў, што ўспрымаў іх як падарунак, а не хабар.
нг