Беларуская Служба

Беларуская апазіцыя звярнулася да грамадзян Расіі наконт пагрозаў «паглыблення інтэграцыі»

16.12.2019 15:09
У заяве падпісанты таксама дзякуюць расіянам, якія ўжо праводзілі акцыі салідарнасці ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.
Сцягі Беларусі і РасііFreshStock/Shutterstock.com

Прадстаўнікі апазіцыйных партый і грамадскіх арганізацый Беларусі падпісалі зварот да грамадзян Расіі «ў сувязі з антызаконнымі дзеяннямі ў паглыбленні саюзнай інтэграцыі Расіі і Беларусі», паведамляе Радыё «Свабода».

У ім гаворыцца, што «аўтарытарныя кіраўнікі Расіі і Беларусі першапачаткова падпісалі Дамову аб стварэнні саюзнай дзяржавы толькі для задавальнення сваіх безадказных амбіцый», а рэалізацыя Дамовы «вядзе да ліквідацыі беларускай незалежнасці і фактычнай анексіі беларускай дзяржавы», што таксама «нясе пагрозу добрасуседскім адносінам Беларусі і Расіі».

Далучэнне да Расіі Беларусі «непазбежна прывядзе да яшчэ большай ізаляцыі Расіі на міжнародным узроўні як краіны агрэсара, што зноўку ўдарыць па дабрабыце простых расіян», адзначаецца ў заяве.

Грамадзян Расіі заклікаюць далучыцца да заявы «аб нелегітымнасці дамовы, аб непрызнанні любых «інтэграцыйных« пагадненняў, сакрэтных пратаколаў паміж Пуціным і Лукашэнкам». У заяве падпісанты таксама дзякуюць расіянам, якія ўжо праводзілі акцыі салідарнасці ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.

вс