Беларуская Служба

Генасамблея ААН прыняла падрыхтаваную Беларуссю рэзалюцыю па чарнобыльскай катастрофе

17.12.2019 10:16
Асноўны пасыл новай рэзалюцыі – неабходнасць працягу чарнобыльскага супрацоўніцтва пад эгідай ААН.
.
.GDJ/pixabay.com/CC0

Генеральная асамблея ААН на пленарным пасяджэнні ў панядзелак прыняла кансэнсусам падрыхтаваную Беларуссю рэзалюцыю «Доўгачасовыя наступствы чарнобыльскай катастрофы», паведаміла прэс-служба МЗС рэспублікі.

«Асноўны пасыл новай рэзалюцыі – неабходнасць працягу чарнобыльскага супрацоўніцтва пад эгідай ААН у мэтах дасягнення ўстойлівага развіцця пацярпелых рэгіёнаў і насельніцтва праз партнёрства, інавацыі і інвестыцыі», – праінфармавалі ў прэс-службе.

Разам з Беларуссю суаўтарамі дакументу выступілі 56 дзяржаў.

«Рэзалюцыя Генасамблеі стане платформай для далейшых дзеянняў у мэтах аптымізацыі міжнароднага рэагавання на наступствы чарнобыльскай трагедыі», – адзначылі ў знешнепалітычным ведамстве.
Рэзалюцыя заклікае дзяржавы-члены і ўстановы сістэмы ААН да далейшага ўмацавання стратэгічных партнёрскіх сувязяў, наладжвання альянсаў і мабілізацыі рэсурсаў для развіцця тэрыторый, закранутых чарнобыльскай катастрофай.

Як паведамілі ў МЗС, у дакуменце таксама пазначаныя напрамкі праграм аднаўлення пацярпелых рэгіёнаў. У іх ліку – развіццё мясцовага прадпрымальніцтва і турызму, стварэнне працоўных месцаў, пераход мясцовай эканомікі на экалагічна бяспечныя тэхналогіі, садзейнічанне ўстойліваму лесакарыстанню і сельскагаспадарчым інавацыям, інтэграцыя ўразлівага насельніцтва ў працэсы мясцовага развіцця і заахвочванне здаровага ладу жыцця.

У адпаведнасці з рэзалюцыяй Генеральная асамблея ААН правядзе 26 красавіка 2021 года спецыяльнае ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае 35-й гадавіне чарнобыльскай катастрофы.

«Прыняцце рэзалюцыі – сведчанне салідарнасці міжнароднай супольнасці з намаганнямі пацярпелых краін, гатоўнасці працягваць надаваць чарнобыльскай праблематыцы належную ўвагу і аказваць садзейнічанне ўстойліваму развіццю пацярпелых рэгіёнаў і насельніцтва», – канстатавалі ў МЗС Беларусі.

ав