Учора на сайце «Нямецкай хвалі» з’явілася інтэрв’ю, у якім былы баец Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання (САХР) Юрый Гараўскі прызнаўся, што ўдзельнічаў у аперацыі па забойстве Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.
У гэтым матэрыяле Гараўскі называе прозвішчы больш чым дзясятка чалавек, якія нібыта таксама ўдзельнічалі ў згаданых аперацыях.
«Наша Ніва» знайшла аднаго з гэтых людзей. Гэта Аляксей Румянцаў, доўгія гады службы ён аддаў САХРу. Каментар спецназаўца быў дастаткова эмацыйны.
«Што за трызненне, хлопцы, бл…ь? Вы ж дарослыя людзі. Успамінаюць там мяне… Проста трызненне сівой кабылы, бл…ь. Ведаю я яго, служылі разам. Што за чалавек? Спытайце ў яго самі. Гараўскі проста пералічыў людзей, з якімі разам служыў. Больш нічога. Усё, да пабачэння», — сказаў Румянцаў.
Дарэчы, былы камандзір Гараўскага Дзмітрый Паўлічэнка на працягу дзесяці хвілін даў два каментары — «Нашай Ніве» і Tut.by — з абсалютна розным зместам. “Нашай Ніве” ён заявіў, што такі чалавек пад яго кіраўніцтвам не служыў, а іншаму СМІ сказаў, што словы Гараўскага – лухта, але ён асабіста яго ведае, і што Гараўскі тады, калі зніклі Захаранка ды іншыя асобы, адбываў пакаранне. Па словах Гараўскага, Паўлічэнка асабіста забіваў апанентаў Лукашэнкі.
нг