Пінск рыхтуецца да цырымоніі закрыцця рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца 2019». Горад над Пінай перадае тытул Лідзе. У пятніцу, 20-га снежня, у Гарадскім доме культуры ў ходзе ўрачыстасцяў адбудзецца падсумаванне вынікаў. Падзеяй, якая на доўгія гады застанецца ад акцыі, стаў выхад выдання «Пінск – палеская легенда».
Па словах аўтара Таццяны Хвагінай, гэта кніга пра дзесяць стагоддзяў Пінска, з’яўлення якой чакалі з 2007 года: «Толькі праз 12 гадоў выходзіць зноў кніга пра Пінск. Там не толькі здымкі, але і тэкст, гісторыя, выбітныя асобы. Я разумела, што трэба рабіць кнігу ўніверсальную, якая б падыходзіла мясцовым жыхарам, нашай моладзі, нашым школьнікам».
Таццяна Хвагіна дадае, што кніга сапраўды стала «народнай», бо за паўгода з моманту з’яўлення, яна, як аўтарка, атрымала сотні водгукаў ад пінчукоў. Гараджане выказваюць падзяку абсалютна за розныя рэчы – ад фотаздымкаў, на якія трапіў іх дом, да аповедаў пра гісторыю старажытнага Пінска.
паводле Радыё Рацыя/нг
на здымку - даваенная паштоўка з Пінска