Беларускі кіраўнік вынес на разгляд Рады бяспекі пытанні планавання абароны краіны і далейшага развіцця беларускай арміі, перадае БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сёння настаў час паглядзець, як стратэгічна спланаваць абарону дзяржавы. Паводле ягоных слоў, цягам года пад кіраўніцтвам Генеральнага штаба перапрацоўваўся план абароны Беларусі ў святле цяперашніх рэаліяў ваенна-палітычнай і стратэгічнай абстаноўкі. Разглядаліся новыя формы і спосабы вядзення ваенных дзеянняў, заснаваных на вопыце сучасных узброеных канфліктаў.
Асаблівую ўвагу Лукашэнка папрасіў звярнуць на сістэму папераджальных мер і мер у адказ у выпадку нарастання ваеннай пагрозы для дзяржавы.
Беларускі кіраўнік нагадаў, што ў Беларусі ёсць разуменне таго, якія ідуць войны цяпер, якія могуць быць войны ў будучым. Пад гэта беларусы перабудоўваюць свае Узброеныя Сілы.
Гэта на мікраўзроўні. Надышоў час паглядзець і на самым высокім узроўні, што нам неабходна зрабіць, як стратэгічна спланаваць абарону нашай дзяржавы. Дзеля гэтага Лукашэнка хоча ў прыярытэтным парадку закупіць неабходныя віды ўзбраенняў, асабліва па авіяцыі, проціпаветранай абароне і іншых сродках агнявога паражэння.
Беларускі кіраўнік непакоіцца, што галоўнай тэндэнцыяй бягучага моманту стала накапленне канфліктнага патэнцыялу ў розных рэгіёнах свету. Па абодва бакі ад Беларусі нарошчваецца ваенная моц.
Беларусь дэкларуе, што ўмацоўвае сваю армію ў якасці інструмента недапушчэння вайны.
юл