Беларуская Служба

Белгідрамет распавёў, у якіх гарадах ёсць праблемы з якасцю паветра

11.01.2020 16:12
Начальнік службы экалагічнай інфармацыі Белгідрамета: Для Мінска галоўнай крыніцай забруджвання з'яўляецца аўтатранспарт.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: 0532-2008/pixabay.com/CC0

Паводле Белгідрамета, у 2019 годзе ў асобных раёнах пяці гарадоў былі праблемы з якасцю паветра. У спісе гэтых населеных пунктаў — Гомель, Жлобін, Мінск, Магілёў і Наваполацк. Даследаванні праводзілі ў гарадах, дзе жыве больш за сто тысяч чалавек, паведамляе tut.by.

Начальнік службы экалагічнай інфармацыі Белгідрамета Алена Багадзяж лічыць, што па выніках назіранняў у 2019 годзе, якасць паветра ацэньваецца як досыць спрыяльная.

„Выключэнне складаюць некаторыя раёны Гомеля, Жлобіна, Мінска, Магілёва і Наваполацка. У асобныя перыяды года тут назіралася не такое стабільнае экалагічнае становішча. Часцей за ўсё гэта адбывалася падчас дэфіцыту ападкаў і ў неспрыяльных метэаўмовах. Напрыклад, калі быў штыль”, - кажа Багадзяж.

Паводле яе, у першую чаргу перавышэння ў паветры назіраліся па аксідах азоту.

„За год у Мінску было ўсяго шэсць дзён з перавышэннем сярэднясутачнай гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі. Павелічэнне ўзроўню забруджвання атмасфернага паветра аксідамі азоту назіралася ў асноўным у ранішнія і вячэрнія гадзіны. Адной з асноўных прычын гэтага стаў аўтатранспарт. Адзначу, што менавіта аўтатранспарт з'яўляецца для Мінска галоўнай крыніцай забруджвання”, - удакладніла начальнік службы экалагічнай інфармацыі Белгідрамета.

аз