Еўрасаюз не будзе замарожваць для Беларусі кошт шэнгенскіх віз на цяперашнім узроўні ў 60 еўра да набыцця сілы візавага пагаднення, паведамілі БелТА ў прадстаўніцтве ЕС у Беларусі. Пра гэта інфармуе Радыё «Свабода».
«Беручы пад увагу абмежаванні ў часе і працэдурныя патрабаванні, павышэнне шэнгенскага візавага збору з 2 лютага 2020 году адмяніць (замарозіць) для грамадзян Беларусі немагчыма», – заявілі ў прадстаўніцтве.
З 2 лютага 2020 году пачнуць дзейнічаць новыя правілы выдачы шэнгенскіх віз для ўсіх краін, паводле якіх віза падаражэе да 80 еўра.
8 студзеня Беларусь і Еўрасаюз падпісалі пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму – зніжэнні для беларусаў цаны на шэнгенскую візу да 35 еўра і скарачэнні тэрміну выдачы візаў да 10 дзён. Але падпісанне пагадненняў – яшчэ не апошні крок да візаў па 35 еўра. Пасля падпісання абодва пагадненні павінны прайсці працэдуру ратыфікацыі ў Нацыянальным сходзе Беларусі і ў Еўрапарламенце.
МЗС Беларусі заклікаў Брусель «замарозіць» кошт шэнгенскіх візаў на ўзроўні 60 еўра для беларусаў да ўступлення ў сілу пагаднення. Пытанне абмяркоўвалася ў структурах Еўракамісіі.
Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму набывае моц у першы дзень другога месяца пасля абмену паведамленнямі пра выкананне названых працэдур. Беларускі парламент плануе ратыфікаваць пагадненне на сесіі ў пачатку красавіка. На сайце Еўрасаюзу гаворыцца, што абодва пагадненні могуць набыць моц сёлета ў чэрвені. Да гэтага часу візы для беларусаў будуць каштаваць 80 еўра.
вс