23 студзеня ў судзе Першамайскага раёну Віцебску суддзя Міхаіл Юрчанка аштрафаваў грамадскіх актывістак Наталлю Спірыдонаву на 25 базавых велічынь, а Таццяну Севярынец – на 30. У той жа час у судзе Віцебскага раёну Міхаіл Зубеня прысудзіў Алене Янушкоўскай 25 б.в. Усіх трох звінавацілі паводле ч.1, арт. 23.34 КаАП, піша «Віцебская Вясна».
Наталля Спірыдонава ў суд не з'явілася. Разгляд адбыўся без яе ўдзелу і ў хуткім рэжыме. Летась 26 снежня яна праз свой акаўнт у «Фэйсбуку» заклікала да ўдзелу ў пікеце, запланаваным на 29 снежня. Як палічылі праваахоўнікі, сваімі дзеяннямі яна парушыла «Закон аб парадку арганізацыі і правядзенні масавых мерапрыемстваў».
Таццяна Севярынец загадзя папярэдзіла, што на судовае пасяджэнне не зʼявіцца. Яна перадала заяву, у якой выказала недавер суду, які назвала «рэпрэсіўным органам». Паводле пратаколу, 24 снежня мінулага году на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» Севярынец размясціла тэкст, у якім заклікала віцяблян да ўдзелу ў мірным пратэсце «супраць інкарпарацыі краіны ў склад Расіі».
Алену Янушкоўскую судзілі за ўдзел у мінскай акцыі пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі. Разбор адбыўся без прысутнасці «правапарушальніцы».
ав