24 студзеня падчас сустрэчы з працоўнымі завода газетнай паперы ў Шклове Аляксандр Лукашэнка распавёў пра тое, як Беларусь спрабуе наладзіць альтэрнатыўныя пастаўкі нафты, паведамляе «Еўрарадыё». Як вядома, дамовы аб пастаўках расійскай нафты ў 2020-м годзе дагэтуль няма, таму з 1 студзеня яны спынены.
Яшчэ ў канцы снежня мінулага года Лукашэнка даручыў ураду наладзіць альтэрнатыўныя пастаўкі. І 80 тыс. тон нарвежскай нафты ў пачатку наступнага тыдня праз Літву трапяць на «Нафтан».
«Кожны год перад новым годам нам даводзіцца стаяць на каленях і вымольваць гэтыя нафтапрадукты», – цытуе словы Лукашэнкі БелТА. Пра тое, што будзе шукацца альтэрнатыва, ён расказаў Уладзіміру Пуціну.
Лукашэнка падрабязна спыніўся на маршрутах паставак нафты ў Беларусь. Першы – праз порты ў краінах Балтыі, куды нафта дастаўляецца танкерамі. Нарвежская нафта паступіла праз Клайпеду. Другі – з Гданьска па нафтаправодзе «Дружба» (яго давядзецца запусціць у рэверсным рэжыме, каб накіраваць нафту не на захад, а на ўсход – у Беларусь). Якраз пра польскі варыянт Аляксандр Лукашэнка і праінфармаваў расійскага прэзідэнта. Трэці – праз Украіну з Чорнага мора (раней Беларусь пастаўляла па гэтым маршруце венесуэльскую нафту).
Чацвёртым накірункам беларускі кіраўнік назваў Расію, паколькі ад яе нафты ў Мінску адмаўляцца не збіраюцца. Раней ён заявіў, што там будзе набывацца 30-40% патрэбнай Беларусі нафты.
Кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што Мінск дамаўляецца пра пастаўкі нафты з «амерыканцамі, Саудаўскай Аравіяй, Эміратамі». І яны, па словах Аляксандра Лукашэнкі, гатовы паставіць любы аб'ём нафты. «Вядома, гэта сусветны кошт, – працягваў Лукашэнка. – Але якасць нафты там лепшая».
вс
на фота: Дубай, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты