Беларуская Служба

Амаль 400 млн рублёў страціла беларуская мытня на расійскім падатковым манеўры

27.01.2020 13:58
За 2019 год праз беларускую мяжу на ўвоз і на вываз перамешчана 111 млн тон тавараў, што на 3,2 млн тон менш, чым у 2018 годзе. 
Rubel białoruski
Rubel białoruski Shutterstock.com

Прагнозы па мытных плацяжах у дзяржаўны бюджэт Мытны камітэт выканаў на 100,5%. Такую лічбу назваў старшыня ведамства Юрый Сянько падчас дакладу кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку пра вынікі 2019 года.

«Па мытных плацяжах, якія павінны былі паступіць у бюджэт нашай краіны, прагнозны паказчык, даведзены да нас Міністэрствам фінансаў, выкананы на 100,5%», – цытуе БелТА словы Сянько, паведамляе «Еўрарадыё».

Як вынікае са словаў чыноўніка, летась паказчыкі ў мытні былі горшымі, чым у 2018 годзе.

За 2019 год праз беларускую мяжу на ўвоз і на вываз перамешчана 111 млн тон тавараў, што на 3,2 млн тон менш, чым у 2018 годзе. Асноўнай прычынай называецца зніжэнне транзіту вугалю з Расіі па чыгунцы.

Аднак агульная транзітная плынь на ўвоз тавараў на тэрыторыю ЕАЭС праз Беларусь вырасла на 5,4% – да 17,5 млн тон, з іх 11,4 млн тон – у Расію. Колькасць перамешчанага праз беларускую мяжу грузавога транспарту таксама вырасла на 5,1% – да 2,3 млн адзінак.

У дзяржбюджэт мытня прынесла больш за 9 млрд рублёў плацяжоў. Гэта амаль на 400 млн рублёў менш (4,2%), чым у 2018 годзе. Асноўнай прычынай называецца расійскі падатковы манеўр у нафтавай галіне, ад чаго знізіліся вывазныя мытныя пошліны за экспарт нафтапрадуктаў (на 33,2%).

вс