Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў прапанаваў «паламаць сцэнарый» і высунуць адзіным кандыдатам у прэзідэнты сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца. Пра гэта паведамляе партал naviny.by.
Ён заявіў 27 студзеня на прэс-канферэнцыі лідараў апазіцыі ў Мінску, што крытычна ставіцца да працэдуры вылучэння, хоць і прымаў удзел у яе распрацоўцы.
«Сярод нас ёсць чалавек, які паказаў, на што ён здольны для абароны незалежнасці, і стаў лідарам пратэстных акцый. Таму я хачу сёння прапанаваць пайсці іншым шляхам па вызначэнні адзінага кандыдата. І сёння прапаную адзіным прэтэндэнтам на пазіцыю кандыдата ў прэзідэнты Беларусі вылучыць прадстаўніка правацэнтрысцкай кааліцыі, прадстаўніка БХД Паўла Севярынца», – сказаў ён.
Кастусёў дадаў, што не ўзгадняў сваю прапанову з партнёрамі па кааліцыі.
Павел Севярынец падзякаваў Кастусёву і Партыі БНФ за вылучэнне. Ён дадаў, што нацыянальная рада аргкамітэта БХД 26 студзеня таксама падтрымала яго кандыдатуру ў якасці вылучэнца ў гэтай кампаніі.
Ён падкрэсліў, што гэта будзе не толькі персанальная альтэрнатыва, але і ідэйная, «альтэрнатыва ў плане рэформаў».
Раней намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч аб'явіў аб намеры ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах.
Севярынец быў арганізатарам акцый супраць інтэграцыі з Расіяй, якія прайшлі ў снежні 2019 года. За гэта ён быў пакараны 45 суткамі адміністрацыйнага арышту, з якіх адбыў 15.
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны прайсці не пазней за 30 жніўня 2020 года.
вс