Беларуская Служба

Магілёўцы збіраюцца пратэставаць супраць павышэння коштаў на паліва

09.02.2020 13:24
Апошні раз паліва падаражэла 2 лютага – яшчэ на 1 капейку. Гэта ўжо пятае павышэнне з пачатку 2020 года.
 .
Заправачная станцыя.IADE-Michoko/pixabay.com/CC0

Грамадзяне, нязгодныя з павышэннем цэн на аўтамабільнае паліва, збіраюцца пратэставаць штосуботы, каб прыцягнуць увагу да праблемы. Пра гэта тэлеканалу Белсат распавёў адзін з актывістаў Уладзімір Крыт.

Першая такая акцыя адбылася ўчора ля гандлёвага цэнтру «Е-сіці» у Магілёве.

«Нас сабралася прыкладна чалавек дваццаць. Гэта звычайныя аўтааматары, якія маюць свае машыны. Шмат у каго ёсць сем’і, дзеці, і яны не могуць сабе дазволіць плаціць больш за паліва. Спачатку на нас не звярталі ўвагі, але потым мы заўважылі, што побач стаяць тры аўтамабілі і з іх вядзецца здымка», – распавёў магілёвец.

Заяву на правядзенне акцыі пратэстоўцы ў гарадскі выканкам не падавалі і пакуль не будуць.

У Магілёве затрымалі журналістаў, якія меліся асвятляць пратэст кіроўцаў супраць росту коштаў на бензін.
Паводле актывіста, акцыі ў іншых гарадах пакуль не чакаюцца. Удзельнікі суботняга пратэсту папярэдне дамовіліся сабрацца на тым жа месцы праз тыдзень і надалей ладзіць акцыі кожную суботу.

Апошнія некалькі гадоў цэны на бензін пастаянна павышаюцца. Апошні раз паліва падаражэла 2 лютага – яшчэ на 1 капейку. 9 лютага падаражэе дызельнае паліва і бензін, паведаміў  Белнафтахім. Без змен застанецца кошт толькі на маторнае масла. Кошт бензіну з 9 лютага АІ-92-К5-еўра складзе 1,70 руб, АІ-95-К5-еўра - 1,80 руб, АІ-98-К5-еўра - 2,02 руб., ДТ - 1,80 руб.

Гэта будзе ўжо шостае павышэнне з пачатку 2020 года.

эж