Беларуская Служба

«Белнафтахім» працягвае перамовы з кампаніямі Казахстана па пастаўках нафты

10.02.2020 16:34
Раней Аляксандр Лукашэнка не раз згадваў Казахстан у ліку краін, адкуль ёсць патэнцыйная магчымасць для арганізацыі паставак нафты ў Беларусь.
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne.shutterstock.com/pan demin

Канцэрн «Белнафтахім» працягвае весці перамовы з кампаніямі Казахстана па пастаўках нафты, паведамілі БелТА ў прэс-службе «Белнафтахіма». Пра гэта піша партал газеты «Звязда».

«У Казахстане адбыліся прадметныя перамовы аб пастаўках нафты, былі праведзены сустрэчы з прадстаўнікамі Міністэрства энергетыкі Казахстана і галіновымі кампаніямі. На дадзены момант мы працягваем перамовы з кампаніямі, якія могуць стаць для нас патэнцыяльнымі пастаўшчыкамі нафты, абмяркоўваем з імі аб'ёмы і лагістыку паставак, вызначаемся з фарматам супрацоўніцтва ў гэтым напрамку», – адзначылі ў прэс-службе.

Што да самога пагаднення па пастаўках нафты і нафтапрадуктаў з Казахстанам, то, паводле інфармацыі канцэрна, для яго падпісання патрабуецца правядзенне шэрагу адміністрацыйных працэдур з боку Казахстана. «Калі дакладна пагадненне будзе падпісана, складана сказаць, неабходная яшчэ яго ратыфікацыя казахстанскім бокам. Там свае правілы», – растлумачылі ў прэс-службе.

Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім упаўнаважыў урад на правядзенне перамоваў з Казахстанам аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў галіне паставак нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь. Раней Аляксандр Лукашэнка не раз згадваў Казахстан у ліку краін, адкуль ёсць патэнцыйная магчымасць для арганізацыі паставак нафты ў Беларусь. Гэтае пытанне ў тым ліку абмяркоўвалася ў кастрычніку мінулага года падчас афіцыйнага візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў Казахстан.

вс