Міністэрства энергетыкі Беларусі займаецца падрыхтоўкай двух міжурадавых пагадненняў, якія тычацца перапрацоўкі адпрацаванага ядзернага паліва (АЯП) з Беларускай АЭС у Расеі, паведаміў намеснік міністра энергетыкі рэспублікі Міхаіл Міхадзюк у інтэрв'ю газеце «Рэспубліка», піша Свабода.
«Згодна з падпісаным міжурадавым пагадненнем мы будзем мець магчымасць перапрацоўваць АЯП на расійскіх прадпрыемствах. Мы займаемся падрыхтоўкай адпаведных міжурадавых пагадненняў, адно з якіх тычыцца транспартавання паліва. Яго падпісанне плануецца сёлета. Другое тычыцца канкрэтных умоваў перапрацоўкі АЯП», – сказаў Міхадзюк.
Шэраг прынцыповых пытанняў другога дакументу, паводле Міхадзюка, патрабуе дадатковай сумеснай прапрацоўкі з расійскім бокам, яго плануюць распрацаваць і падпісаць у 2021 годзе.
Акрамя таго, Міхадзюк нагадаў аб планах збудаваць сховішча АЯП на тэрыторыі Беларусі ў 2028 годзе. Тэхналогіі, закладзеныя ў праекце станцыі, дазваляюць захоўваць адпрацаванае паліва да 10 гадоў, але «трэба думаць над тым, што ж будзе далей», адзначыў намеснік міністра, і не пазней за 2023 год выбраць месца размяшчэння пункту захавання радыеактыўных адходаў БелАЭС.
Агульныя затраты на абыходжанне з адходамі пры цяперашняй тэхналогіі ацэньваюцца ў суму ад 2,5 да 3,5 мільярда долараў за ўвесь перыяд эксплуатацыі Беларускай АЭС (да 100 гадоў).
нг