Былы баец беларускага Спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) Юрый Гараўскі папрасіў палітычнага прытулку ў Швейцарыі, прыводзіць Радыё Рацыя інфармацыю “Нямецкай хвалі”.
Раней гэты спецназавец прызнаўся заходнім журналістам, што ўдзельнічаў у забойствах беларускіх апазіцыянераў паводле загадаў зверху. Гараўскі мяркуе, што не бачыць сэнсу далей хаваць сваё месцазнаходжанне. Спярша ён казаў, што знаходзіцца ў адной з еўрапейскіх краін. Пазней мужчына выказваў меркаванне, што беларускія спецслужбы ўжо вылічылі яго па тэлефанаваннях да блізкіх. Былы спецназавец заяўляе, што гатовы панесці пакаранне за ўдзел у забойствах экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага, які падтрымліваў беларускую апазіцыю. Аднак настойвае, каб яго судзілі ў Еўропе, а не ў Беларусі.
Радыё Рацыя/нг