Беларускія суды ў 2019 годзе вынеслі апраўдальныя прысуды ў дачыненні да 114 чалавек. Такую інфармацыю дала прэс-служба Вярхоўнага суда, – перадае БЕЛТА.
Асноўнымі падставамі для апраўдання сталі адсутнасць у дзеяннях складу злачынства або недаказанасць удзелу абвінавачанага ў яго здзяйсненні.
Пры гэтым найбольш істотна лік апраўданых па абвінавачваннях у злачынствах супраць жыцця і здароўя чалавека – 36 (з іх адзін чалавек апраўданы па абвінавачванні ў забойстве), уласнасці і парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці – 19 (з іх 13 – за крадзеж маёмасці), асабістай свабоды, гонару і годнасці – 17.
«Радыё Свабода» дадае, што за мінулы год беларускія суды разгледзелі амаль 42 тыс. крымінальных спраў і асудзілі амаль 39 тыс. чалавек.
З агульнай колькасці асуджаных 2300 чалавек былі пакараныя за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, гэта на 7% менш, чым у 2018 годзе.
1007 асобаў асудзілі за карупцыйныя злачынствы.
764 чалавекі ў 2019 годзе былі асуджаныя за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення (на 13,5% менш, чым у 2018 годзе).
З усіх асуджаных 15 тыс. чалавек зрабілі злачынствы ў стане алкагольнага, альбо наркатычнага ап’янення. Гэта 39% ад агульнай колькасці асуджаных.
43% асуджаных зрабілі свае злачынствы, маючы незнятую або непагашаную судзімасць за ранейшыя злачынствы.
яс