Адкрыццё Амбасады стала нагодай для візіту ў Менск афіцыйнай дэлегацыі на чале з кіраўніком Федэральнага дэпартаменту замежных спраў Швейцарыі Інняцыё Касісам. Аляксандр Лукашэнка асабіста прывітаў швейцарцаў.
«Нам ёсць куды расці, асабліва ў сферы гандлёва-эканамічных адносінаў. Эканоміка – галоўнае. Мы гатовыя даць швейцарскаму бізнесу самыя выгадныя ўмовы для інвеставання», – заявіў Лукашэнка, якога цытуе БелТА.
Кантакты паміж Беларуссю і Швейцарыяй актывізаваліся пасля адмены санкцый Еўрасаюзу ў дачыненні да афіцыйнага Менску ў 2016 годзе.
У 2017 годзе ў Федэральным сходзе Швейцарыі ўпершыню была створаная парламенцкая група дружбы з Беларуссю.
У 2018 годзе Швейцарыю з афіцыйным візітам наведаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка, у 2019-м – першы намеснік прэмʼер-міністра і старшыня праўлення Нацбанку.
Дасягнутыя рэкордныя паказнікі ў частцы росту беларускага экспарту тавараў і паслуг, прыцягнення інвестыцыяў. Так за мінулы год тавараабарот Беларусі са Швейцарыяй склаў 258,2 мільёнаў долараў, што больш на 38% за ўзровень 2018-га года.
У выніку ў траўні 2019 году Федэральная рада Швейцарыі прыняла рашэнне аб павышэнні ўзроўню дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Беларусі, а ў верасні амбасадар Швейцарыі ў Беларусі Клод Альтэрмат уручыў Лукашэнку даверныя лісты.
Паводле Белта/Радыё «Свабода»/юл