У найбліжэйшы час пачнецца праектаванне першага ў Беларусі крытага манежа для катання на бегавых лыжах, які пабудуюць за новым будынкам Вярхоўнага суда ў Мінску, паведамляе “Наша Ніва”.
Інвестарамі выступаюць мінскія забудоўшчыкі «Соваўта Інвест» і «Інтэхнабуд Інвест». За гэта Лукашэнка дазволіў ім забудаваць шматпавярховым жыллём тры мінскія вуліцы: Захарава, Чыгуначнай і Ваўпшасава.
Цяпер ідзе афармленне акту выбару на зямельны ўчастак, і хутка новы заказчык пачне праектаванне комплексу. Мінгарвыканкам ужо ўхваліў перадпраектную візуалізацыю будынка.
Комплекс будзе памерам каля 150 на 90 метраў з плошчай манежа — каля 23 тысяч квадратных метраў. Унутры размесціцца лыжная траса даўжынёй 1,35 кіламетра на трох узроўнях, спуск для сноўборда вышынёй 13,2 метра і лядовая пляцоўка для катання на каньках прыкладна на 300 «квадратаў».
У так званай снежнай зоне цэлы год будзе падтрымлівацца тэмпература каля мінус 4 градусаў. Снег будзе выпрацоўвацца снегагенератарамі, а траса будзе падрыхтоўвацца дызельным ратракам. Адначасова манеж зможа прыняць 365 наведвальнікаў. Абслугоўваць аб'ект будуць 30 чалавек.
На распрацоўку праекта інвестару адведзена максімум два гады.
юл