Беларуская Служба

Беларусь і Расія дамовіліся аб кампенсацыі за брудную нафту

25.02.2020 14:14
Пра кампенсацыю за брудную нафту дамовіліся толькі праз 10 месяцаў пасля здарэння.
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne.shutterstock.com/pan demin

Прадстаўнікі Беларусі і Расіі дамовіліся аб кампенсацыі за брудную нафту з разліку 15 долараў на барэль, піша Свабода.

Пра дамоўленасць паведаміў намеснік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімір Сізаў.

У красавіку 2019 года беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы атрымалі партыю няякаснай нафты з Расіі. Узровень хларыдаў быў перавышаны ў 20 і больш разоў, праз гэта сапсавалася абсталяванне. Таксама беларускі бок заяўляў, што праз вымушанае прыпыненне паставак нафтапрадуктаў на экспарт страціў некалькі сотняў мільёнаў долараў.

Расійскі бок прызнаў факт паставак няякаснай нафты, у Расіі завялі крымінальную справу аб забруджванні нафты. Але пра кампенсацыю за брудную нафту дамовіліся толькі праз 10 месяцаў пасля здарэння.

Сцвярджалася, што ў Беларусь трапілі 1,2 млн тонаў бруднай нафты. Калі лічыць, што адзін барэль важыць 0,1373 т, то выходзіць, што ў Беларусь трапіла каля 8,74 млн «брудных барэляў», а кампенсацыя мае скласці каля 131,1 млн. долараў. «Белнафтахім» мінулым летам патрабаваў 155 млн. долараў.

Урад Беларусі раней дапускаў, што можа звярнуцца ў суд, калі Расія адмовіцца кампенсаваць выгаду, страчаную праз пастаўкі бруднай нафты.

нг