Беларуская Служба

Беларусь разлічвае атрымаць больш за 60 млн долараў кампенсацыі за брудную нафту

26.02.2020 11:23
Акрамя таго, бакі працягваюць абмяркоўваць кампенсацыю страт за пашкоджанае абсталяванне на Мазырскім НПЗ.
Аўдыё

Беларусь разлічвае атрымаць больш за 60 млн долараў кампенсацыі за брудную нафту, паведамілі БелаПАН у канцэрне "Белнафтахім".

У канцэрне адзначылі, што на мінулым тыдні Беларусь і Расія падпісалі пратакол аб кампенсацыі за брудную нафту з разліку 15 долараў за бараль. Мазырскі НПЗ перапрацаваў 563 тыс. тон бруднай нафты. Такім чынам, Беларусь разлічвае атрымаць 61,6 млн долараў кампенсацыі ад расійскай "Транснефці".

Акрамя таго, паведамілі ў "Белнафтахіме", бакі працягваюць абмяркоўваць кампенсацыю страт за пашкоджанае абсталяванне на Мазырскім НПЗ. Гэтыя страты раней ацэньвалі ў 20 млн долараў.

У красавіку 2019 года "Белнафтахім" выявіў у расійскай нафце павышанае ўтрыманне дыхлорэтану. Каб пазбегнуць аварыі на НПЗ, канцэрн знізіў перапрацоўку і экспарт нафтапрадуктаў. Пасля таго як замежныя спажыўцы адмовіліся прымаць няякасную сыравіну, транзіт па нафтаправодзе "Дружба" прыпынілі.

Аляксандр Лукашэнка раней заяўляў, што з-за паставак няякаснай нафты Беларусь страціла "велізарныя грошы" — сотні мільёнаў долараў. Ацэнкай шкоды ад аварыі на "Дружбе" займалася рабочая група, створаная Беларуссю і Расіяй. У канцэрне "Белнафтахім" разлічвалі да канца 2019 года атрымаць кампенсацыю асноўнай масы страт з-за паставак бруднай нафты, аднак у гэты тэрмін вырашыць пытанне не ўдалося.

нг