Беларуская Служба

А.Лукашэнка жадае рэальнай інтэграцыі без прымусу

27.02.2020 15:20
Лукашэнка пакрытыкаваў ЕАЭС за адсутнасць свабоднага перамяшчэння тавараў, паслуг, працоўнай сілы і капіталу.
Сцяг ЕАЭСPublic Domain

Беларусь прыхільная рэальнай інтэграцыі без прымусу, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаілам Мясніковічам, - паведамляе БелаПАН.

Ён нагадаў, што яшчэ разам з першым прэзідэнтам Расіі Барысам Ельцыным Беларусь ініцыявала «рэальную інтэграцыю Расіі і Беларусі: эканомік, жыцця людзей і гэтак далей, захоўваючы суверэнітэт і незалежнасць». «Калі разбагацелі, асабліва Расія, пачаліся незразумелыя штурханіна і валтузня. І (…) прымус да інтэграцыі», – падкрэсліў Лукашэнка. Беларусь, дадаў ён, «выступае за рэальную інтэграцыю на класічных прынцыпах, якія ведае ўвесь свет».

Лукашэнка пакрытыкаваў Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС) за адсутнасць свабоднага перамяшчэння тавараў, паслуг, працоўнай сілы і капіталу.«Мы плануем падпісаць у маі гэтага года ў Мінску стратэгію інтэграцыі да 2025 года», – сказаў афіцыйны лідар Беларусі. Лукашэнка лічыць, што працу па стварэнні агульных рынкаў у ЕАЭС трэба праводзіць, не чакаючы 2025 года.

Пры гэтым беларускі кіраўнік выказаў меркаванне, што стрыжнем ЕАЭС з'яўляюцца адносіны Беларусі і Расіі.

яс