Беларуская Служба

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пенсійная сістэма павінна быць змененая

28.02.2020 11:12
«Каб чалавек разумеў: буду лепш працаваць, больш зарабляць – на пенсіі будзе лепш. Ураўнілаўкі быць не павінна!».
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Khongtham

Федэрацыя прафсаюзаў выступае за ўнясенне змяненняў у пенсійнае заканадаўства. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, іх ініцыятыва заслугоўвае асаблівай увагі. «Пенсійная сістэма ў тым выглядзе, у якім мы яе сёння бачым, назіраем і выкарыстоўваем, адмерла. Нам пасля прэзідэнцкіх выбараў усё роўна прыйдзецца гэтым займацца. Калі мы працягнем працаваць у такім жа складзе, у гэтым жа годзе (у канцы года) пачнем гэтую працу. Трэба зрабіць так, каб чалавек, працуючы, разумеў: буду лепш працаваць, больш зарабляць – на пенсіі будзе лепш. Ураўнілаўкі быць не павінна!» – падкрэсліў Лукашэнка, аб чым піша Звязда.

Паводле ягоных слоў, вырашыць гэтае пытанне Беларусі будзе нескладана, краіна вывучае вопыт іншых краін, у тым ліку і Расіі. «Але мы яшчэ параімся з тымі, хто ўкараняў назапашвальныя і іншыя віды пенсіяў, якія не прайшлі... З улікам іх вопыту і тых сістэм, якія ёсць у свеце, мы створым у Беларусі лепшую сістэму пенсійнага забеспячэння. З улікам нашых магчымасцяў. Лепшую – гэта не значыць, што ўсіх завалім вялікімі пенсіямі, але гэта будзе справядлівая і добрая сістэма», – запэўніў беларускі лідар.

нг