Беларуская Служба

На сімптомы каронавіруса штодня правяраюць 20 тыс. чалавек, якія прылятаюць у Беларусь

29.02.2020 09:12
27 лютага ў Беларусі пацвердзілі першы выпадак заражэння вірусам COVID-19.
Інтэрнаты мінскіх ВНУ адзін за адным уводзяць рэжым забароны наведванняўPAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH

Кожны дзень у Беларусі правяраюць 20 тыс. чалавек, якія прылятаюць у краіну, паведаміла намесніца галоўнага лекара па эпідэміялогіі Цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Беларусі Ірына Глінская падчас прэс-канферэнцыі з прычыны выяўлення ў Беларусі першага выпадку заражэння новым каронавірусам COVID-19. Пра гэта паведамляе Радыё «Свабода».

«На мінулым тыдні мы акцэнтавалі ўвагу на людзей, якія вяртаюцца з Кітаю. На гэтым тыдні спіс пашырыўся. Акцэнт мы робім на грамадзян, якія вяртаюцца з Італіі, Паўднёвай Карэі і Ірану», – паведаміла Ірына Глінская.

Паводле яе, цяпер штодня каля 20 тыс. чалавек, якія прылятаюць у Беларусь, праходзяць санітарна-карантынны кантроль.

Калі чалавек прыбывае зь пералічаных краінаў і пачуваецца абсалютна здаровым, яму прапануюць прайсці абследаванне па прыбыцці і потым яшчэ праз 14 дзён, дадала Ірына Глінская.

27 лютага ў Беларусі пацвердзілі першы выпадак заражэння вірусам COVID-19. Вірус выявілі ў студэнта БНТУ, грамадзяніна Ірану, які прыбыў з Баку 22 лютага.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, пацыент цяпер пачуваецца «здавальняюча». Яго і людзей, якія з ім кантактавалі, змясцілі ў закрытыя боксы мінскай інфекцыйнай бальніцы.

У БНТУ студэнтаў перавялі на індывідуальнае навучанне да 16 сакавіка.

вс