Беларуская Служба

Расійскія кампаніі будуць пастаўляць нафту ў Беларусь без прэміі

24.03.2020 16:02
Урад Расійскай Федэрацыі возьме на сябе прэмію, — растлумачыў прэм'ер-міністр Сяргей Румас.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock.com / Oaklizm

Расійскія кампаніі будуць пастаўляць нафту ў Беларусь без прэміі, заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Румас.

Перамовы пра скасаванне прэміі расійскім пастаўшчыкам вяліся з канца 2019 года. "Літаральна ў суботу мы дасягнулі дамоўленасці з расійскім урадам, што ўсе расійскія кампаніі змогуць пастаўляць нафту без прэміі", — перадае БЕЛТА словы Румаса.

Кіраўнік урада распавёў, што прэмія для расійскіх пастаўшчыкоў нафты на беларускія заводы складала 11,7 долара за тону. Расійскія кампаніі адмовіліся ад 7 долараў з гэтай прэміі. "Гэта значыць, кампаніі будуць пастаўляць нафту з прэміяй $4,7. Яны будуць урэгуляваныя міжбюджэтнымі разлікамі. То бок, урад Расійскай Федэрацыі возьме гэтыя $4,7 на сябе", — растлумачыў прэм'ер.

Румас згадаў, што "Раснафта", як і іншыя расійскія кампаніі, не пагаджалася пастаўляць нафту без прэміі, а настойвала на поўнай цане. Па яго словах, цяпер Беларусь будзе выбіраць паміж кампаніямі, якія прапануюць найлепшыя ўмовы паставак — напрыклад, дадуць вялікую адтэрміноўку выплаты. "Таму яшчэ далёка не факт, што "Раснафта" апынецца ў ліку пастаўшчыкоў. Мы ў першую чаргу будзем аддаваць прыярытэт тым кампаніям, якія ў складаны для нас час (першы квартал) пастаўлялі нафту без прэміі. Гэта кампаніі Гуцарыева, невялікія кампаніі. Ім будзе аддадзены безумоўны прыярытэт", — падкрэсліў кіраўнік урада.

Кампаніі Міхаіла Гуцарыева "Сафмар" вялі пастаўкі нафты ў Беларусь з 4 студзеня. На сакавік Беларусь дамовілася пра куплю нафты яшчэ ў некалькіх невялікіх расійскіх нафтавых кампаніяў. Акрамя таго, Мінск купіў тры танкеры нафты ў Азербайджане.

Мяркуецца, што беларускія ўлады не адмовяцца ад альтэрнатыўных паставак нафты праз Украіну і Літву.

яс/euroradio.fm