Беларуская Служба

Беларусь не пусціла 300 украінцаў праз «адкрытую мяжу»

24.03.2020 16:14
Ва ўсіх выпадках прычынай адмовы фармальна стала «непацверджанне мэты паездкі».
Mapa.Zdjęcie ilustracyjne
Mapa.Zdjęcie ilustracyjnePixabay (domena publiczna)

Дзяржаўная памежная служба Украіны заяўляе, што цягам апошняга тыдня Беларусь адмовіла больш як 300 украінцам ва ўездзе на сваю тэрыторыю, нягледзячы на адсутнасць рашэння беларускіх уладаў аб закрыцці сваіх межаў. Як сцвярджаюць украінскія памежнікі, ва ўсіх выпадках прычынай адмовы фармальна стала «непацверджанне мэты паездкі».

«Мы просім грамадзян улічваць гэтую інфармацыю пры планаванні паездак, каб эканоміць асабісты час і грошы», — расказалі Свабодзе ў адміністрацыі Дзяржаўнай памежнай службы ЎУраіны.
Беларускіх грамадзян на тэрыторыю Украіны наагул не дапускаюць, бо ва Украіне дзейнічае каранцін ад каранавірусу.

Украіна з 16 сакавіка забараніла іншаземцам уязджаць на сваю тэрыторыю, але не ўводзіла для сваіх грамадзян абмежаванняў на выезд за межы. Трапіць на ўкраінскую тэрыторыю могуць толькі тыя іншаземцы, якія маюць від на жыхарства ва Украіне.

Уводзячы каранцін, урад Украіны рэкамендаваў украінцам устрымацца ад паездак за мяжу, каб прадухіліць пашырэнне небяспечнага каранавірусу на ўкраінскай тэрыторыі.

На мяжы з Беларуссю надалей функцыянуюць 10 украінскіх пунктаў пропуску: тры — у Чарнігаўскай вобласьці, па адным у Кіеўскай і Жытомірскай, два ў Ровенскай і тры ў Валынскай. Праз іх украінцы могуць вярнуцца на радзіму аўтамабільным транспартам.

яс