Фрылансерка Дар’я Чульцова атрымала ад суддзі Таццяны Міхайлавай пакаранне ў 675 рублёў за рэпартаж пра акцыю пратэсту аўтамабілістаў для тэлеканала БелСАТ. Пра гэта паведамляе MSPRING.ONLINE.
Суддзя суда Кастрычніцкага раёна Таццяна Міхайлава палічыла, што Чульцова парушыла заканадаўства аб СМІ і «незаконна вырабіла інфармацыйную прадукцыю».
На працэсе Чульцовай не было – яна адмовілася з’явіцца на пасяджэнне «у сувязі з сітуацыяй, датычна эпідэміялагічнай сітуацыяй». Міхайлава агучыла пазіцыю журналісткі, зыходзячы з пісьмовага выступу, які Чульцова прадставіла ў суд загадзя.
Фрылансерка назвала свой адміністрацыйны пераслед палітычна матываваным. Яна заўважыла, што за выраб гэтага ж матэрыялу 27 сакавіка будуць судзіць яшчэ аднаго фрылансера – Міхаіла Аршынскага.
Суддзя Таццяна Міхайлава заслухала двух сведак – супрацоўнікаў АМАП УУС Магілёўскага аблвыканкама Сяргея Мікушкіна і Юрыя Басава.
Мікушкін і Басаў дзяжурылі 8 лютага каля Е-Сіці. Туды іх накіравалі пасля таго, як у сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя аб правядзенні пратэстнай акцыі супраць павышэння коштаў на бензін. Абодва заявілі, што бачылі Дар’ю Чульцову, якая выходзіць з таксі разам з мужчынам-аператарам.
яс