Беларуская Служба

Мінздароўя пашырыла пералік краін з небяспечнай эпідэміялагічнай сітуацыяй

25.03.2020 12:01
У спіс унесены: Італія, Іран, Рэспубліка Карэя, Францыя, Нямеччына, Іспанія, Польшча і Чэхія.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjne PAP/EPA/LUCA ZENNARO

Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўнесла змяненні ў пералік краін з небяспечнай эпідэміялагічнай сітуацыяй па каранавірусе, уключыўшы туды Італію, Іран, Рэспубліку Карэя, Францыю, Нямеччыну, Іспанію, Польшчу і Чэхію. Адпаведная інфармацыя была агучана падчас стрыму для студэнтаў, піша газета «Звязда».

За тымі, хто прыбывае з эпідэмічна небяспечных краін, праводзяць медычнае назіранне на працягу 14 дзён.

Пры перасячэнні мяжы ўсім (за выключэннем кіроўцаў, якія ажыццяўляюць грузаперавозкі і едуць транзітам праз Беларусь) выдаюцца «Анкета прыбылага» і памятка «Правілы паводзін пры самаізаляцыі». Спецыяліст санітарна-каранціннага пункта праводзіць тэрмаметрыю, а таксама апытвае на наяўнасць або адсутнасць скаргаў на стан здароўя.

Калі ў грамадзяніна ёсць сімптомы, якія не выключаюць інфекцыйнае захворванне, транспартны сродак пакідаюць на асобнай пляцоўцы, кіроўцу размяшчаюць у ізалятары да прыбыцця машыны хуткай дапамогі, якая перавозіць яго ў інфекцыйную лякарню або аддзяленне. Пры гэтым у кіроўцы, у пунктах мытнага і памежнага афармлення праводзіцца дэзінфекцыя.

Міністэрства транспарту і камунікацый вызначыла 43 пункты, на якіх кіроўцы велікагрузных машын, якія едуць праз тэрыторыю Беларусі, могуць заправіцца і адпачыць. На гэтых пунктах арганізаваны санітарна-супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, рэалізацыя якіх дазволіць мінімізаваць рызыку завозу і распаўсюджвання каранавіруса ў Беларусі.

эж