Беларуская Служба

Мінгарсуд змяніў прысуд актывістам анархічнага руху Емельянаву і Комару

27.03.2020 14:32
Нягледзячы на змякчэнне прысуду, праваабарончая супольнасць будзе расцэньваць іх і надалей як палітзняволеных.
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0

Судовая калегія Мінскага гарадскога суда пад старшынствам В. Сцяпурка разгледзела апеляцыйныя скаргі актывістаў анархісцкага руху Мікіты Емельянава і Івана Комара, прызнаных палітзняволенымі. У выніку прысуд быў зменены па некалькіх частках абвінавачанні. Канчатковае рашэнне суда: Мікіта Емельянаў – 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму; Іван Комар – 3 гады і 6 месяцаў узмоцненага рэжыму, паведамляе Вясна.

Самі асуджаныя ў суд дастаўлены не былі i судовае паседжанне прайшло без іх удзелу.

Нагадаем, што раней судом Савецкага раёна г. Мінска актывістам было прызначана пакаранне ў выглядзе 7 гадоў пазбаўлення волі кожнаму.

Юрыст Праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка адзначае, што нягледзячы на змякчэнне прысуду, праваабарончая супольнасць будзе расцэньваць іх і надалей як палітзняволеных.

«Значнае змякчэнне прысуду – гэта відавочны вынік жорсткай крытыкі, якой праваабарончая супольнасць Беларусі падвергла прысуд суда першай інстанцыі. Нагадаю, што прэтэнзіі праваабаронцаў зводзіліся да таго, што суд прайшоў з парушэннем гарантый справядлівага суда, абвінавачаныя падвергліся ціску і катаванням; прызначанае пакаранне было непрапарцыйным зробленаму.

Ніякія з гэтых парушэнняў апеляцыйнай інстанцыяй не ліквідаваны, а пакаранне па-ранейшаму непрапарцыйна суровае па выглядзе і тэрміну. Такім чынам, ацэнка праваабаронцамі прысуду, які ўступіў у сілу з улікам змякчэння пакарання не зменіцца, і праваабарончая супольнасць па-ранейшаму будзе расцэньваць М.Емельянова і І.Комара як палітзняволеных і патрабаваць перагляду прысуду з ліквідацыяй пералічаных у адпаведнай заяве парушэнняў».

ав