Беларуская Служба

Беларусь паднялася ў Індэксе эканамічнай свабоды

28.03.2020 10:32
Беларусь упершыню перайшла з групы «пераважна несвабодных» ва «умерана свабодныя».
Mińsk
MińskGrisha Bruev / Shutterstock

У рэйтынгу эканамічных свабодаў, які штогод публікуе стратэгічны даследчы інстытут ЗША The Heritage Foundation, Беларусь упершыню перайшла з групы «пераважна несвабодных» ва «умерана свабодныя». Краіна заняла 88-ы радок у «Індэксе эканамічнай свабоды – 2020», перадае «Радыё Свабода».

Беларусь апынулася на 88-м радку ў рэйтынгу, паміж Малдовай і Танзаніяй. Яна атрымала агулам 61,7 бала са 100 – на 3,8 бала больш, чым годам раней, і паднялася ў рэйтынгу за кошт паляпшэння фінансавага становішча і фінансавай свабоды.

Таксама, паводле гэтага рэйтынгу, у Беларусі палепшыліся рэйтынгі ў галіне правоў уласнасці і дзяржаўных выдаткаў, свабоды гандлю і бізнесу, грашовай свабоды.

Пагоршыліся паказнікі судовай эфектыўнасці, цэласнасці ўраду, падатковай нагрузкі і працоўных свабодаў.

Нягледзячы на палітычныя праблемы, эканамічная свабода ў Беларусі рэзка ўзрасла за апошнія пяць гадоў, адзначаецца ў рэйтынгу. Гэта вывела краіну з групы «пераважна несвабодных». Але эканоміка яшчэ не аднавіла ранейшага росту пасля рэцэсіі 2015–2016 гадоў. Ва ўмовах вышэйшых усясветных цэнаў на нафту і росту расейскага попыту на беларускія прамысловыя тавары ўрад мае магчымасць зрабіць захады па правядзенні рэформаў, каб павысіць эфектыўнасць судовай сістэмы і цэласнасць ураду, павялічваючы тым самым эканамічную свабоду ў Беларусі, напісана ў дакладзе.

Цяпер Беларусь займае 41-е месца сярод 45 краін еўрапейскага рэгіёну, яе агульны бал значна ніжэйшы за сярэдні па рэгіёне і крыху ніжэйшы за сярэдні ўзровень у свеце.

Індэкс эканамічнай свабоды краіны ацэньваецца паводле 12 паказнікаў, якія адлюстроўваюць розныя аспекты эканамічнага жыцця: свабоду прадпрымальніцтва, гандаль, падатковую сістэму, урадавыя выдаткі, цэнавую палітыку, свабоду інвестыцый, банкаўскую сістэму, забеспячэнне прыватнай уласнасці ад замахаў дзяржавы, узровень карупцыі ў эканоміцы, рынак працы.

Усе краіны ў рэйтынгу дзеляцца на 5 груп: свабодныя, у асноўным свабодныя, адносна свабодныя, пераважна несвабодныя і краіны з рэпрэсіўнай эканомікай.

эж