Беларуская Служба

«Народ мае права ведаць праўду». Партыя БНФ звярнулася да ўладаў па сітуацыі з COVID-19

30.03.2020 11:37
Партыя БНФ заклікала ўлады Беларусі падтрымаць беларускі бізнес і хатнія гаспадаркі.
 .
Ілюстрацыйны здымак.stevepb/pixabay.com/CC0

Партыя БНФ заклікала ўлады Беларусі неадкладна зрабіць шэраг неадкладных мер па прадухіленні распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі COVID-19, а таксама падтрымцы беларускага бізнесу і хатніх гаспадарак, пішуць naviny.by.

Адпаведны зварот прыняў 28 сакавіка сойм Партыі БНФ, паведамляе БелаПАН.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выказаў сур'ёзную заклапочанасць «дзеяннямі і рыторыкай» уладаў Беларусі з нагоды пагрозы эпідэміі і правёў паралелі з падзеямі больш чым трыццацігадовай даўнасці:

«Хто памятае дзеянні камуністычных уладаў пасля катастрофы на ЧАЭС – не можа не заўважыць падабенства падыходаў спадчыннікаў тагачаснай наменклатуры ў цяперашняй сітуацыі, іх абʼядноўвае памкненне схаваць ад людзей праўду», – цытуе Кастусёва прэс-служба партыі.

Лідар Партыі БНФ адзначыў, што эканоміка Беларусі ўжо цяпер пакутуе ад наступстваў эпідэміі, і заклікаў Савет міністраў да неадкладных мераў па выратаванні айчыннага бізнесу і беларускіх семʼяў.

«Ва ўсім свеце, і асабліва на нашым кантыненце, імкліва распаўсюджваецца новы вірус. Абʼяўлена пандэмія, большасць еўрапейскіх краін прымяняе беспрэцэдэнтныя прэвентыўныя сродкі для абароны сваіх грамадзян ад захворвання. Усе краіны – суседзі Беларусі ўвялі абмежавальныя меры, накіраваныя на ізаляцыю або самаізаляцыю грамадзян, скарачэнне сацыяльных кантактаў, адмену большасці масавых мерапрыемстваў, – гаворыцца ў звароце. – Пры гэтым улады краіны, замест прадастаўлення поўнай і вычарпальнай інфармацыі аб сітуацыі з распаўсюджваннем віруса ў Беларусі, прыняцця прэвентыўных каранцінных мер і ажыццяўлення крокаў па падтрымцы беларускага бізнесу, няўдала і непераканаўча імкнуцца супакоіць грамадскасць і проста адцягнуць увагу людзей ад праблем з вірусам і з эканомікай».

«Народ Беларусі мае права і павінен ведаць праўду», – лічыць Партыя БНФ.

Сойм партыі заклікае Савет міністраў «для прадухілення пашырэння каранавіруса ў Беларусі і належнага інфармавання грамадзян пра сапраўдны стан рэчаў» зняць усе абмежаванні на камунікацыю медыкаў усіх узроўняў з журналістамі, абавязаць іх прадастаўляць журналістам вычарпальную інфармацыю пра сітуацыю з каранавірусам.

Прапануецца таксама «забяспечыць установы аховы здароўя Беларусі належнымі сродкамі абароны персаналу, у прыватнасці рэспіратарамі FFP3; адмяніць загад, па якім медыкі, якія зʼяўляюцца кантактамі першага ўзроўню, павінны працягваць працаваць на сваім працоўным месцы».

Акрамя таго Партыя БНФ заклікае «абвясціць каранцін у навучальных установах, спыніць працу забаўляльных абʼектаў, распачаць шырокую інфармацыйную кампанію па тлумачэнні неабходнасці выканання грамадзянамі супрацьэпідэмічных мер».

Партыя БНФ лічыць неабходным «забараніць правядзенне ўсіх масавых мерапрыемстваў з удзелам больш за 30 чалавек да 10 красавіка з магчымасцю працягу такой забароны, а таксама адмяніць парад 9 траўня, а зэканомленыя сродкі накіраваць на падтрымку людзей, пацярпелых падчас вайны».

Для падтрымкі беларускага бізнесу і хатніх гаспадарак беларусаў Партыя БНФ прапануе ўвесці на паўгода «падатковыя і крэдытныя вакацыі» для малога і сярэдняга бізнесу, ІП і фізічных асоб; абʼявіць мараторый на праверкі да канца 2020 года; адмяніць штрафы і пені за нясвоечасовую выплату падаткаў і страхавых плацяжоў на шэсць месяцаў; увесці адтэрміноўку на выплаты ў ФСАН на чатыры месяцы і растэрміноўку такіх плацяжоў; даць банкам магчымасці для льготнага крэдытавання бізнесу на выплату заробкаў.

Партыя БНФ заклікае таксама ўсталяваць адтэрміноўку выплаты падаходнага падатку з фізічных асоб за 2019 год, вызначыўшы апошнім тэрмінам выплаты падатку 1 кастрычніка 2020 года.

Сойм Партыі БНФ таксама звярнуўся з заклікам «да ўсіх беларусаў захоўваць належную сацыяльную дыстанцыю і выконваць рэкамендацыі СААЗ для абмежавання распаўсюджвання каранавіруса, захоўваць спакой і пазбягаць панікі, не распаўсюджваць неправераную інфармацыю скандальнага або сенсацыйнага характару, купляць беларускія тавары і па магчымасці падтрымліваць беларускі бізнес».

ав