На 31 сакавіка запланаваная сустрэча пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ, паведамляе партал naviny.by.
Як вынікае з паведамлення на сайце Палаты прадстаўнікоў, у парадку дня сустрэчы два пытанні – «Аб забеспячэнні правоў грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi і папярэджанні распаўсюджвання недакладнай інфармацыі ва ўмовах пандэміі каранавіруса. Заканадаўства і правапрымяняльная практыка» і « Аб адкрытых парламенцкіх слуханнях на тэму «75-годдзе Вялікай Перамогі: гістарычная памяць і патрыятызм – найважнейшыя маральныя арыенціры беларускага грамадства і дзяржавы, фактары кансалідацыі ва ўмовах сучасных выклікаў і пагроз».
На просьбу журналіста БелаПАН акрэдытаваць яго на пасяджэнне камісіі, у прэс-службе Палаты прадстаўнікоў адказалі: у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне камісія прыняла рашэнне запрасіць для асвятлення пасяджэння толькі дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Гэтую інфармацыю пацвердзіў старшыня камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Генадзь Давыдзька, да якога БелаПАН звярнуўся па каментар.
«Мы запрасілі толькі БелТА, – сказаў ён. – Яна (сустрэча – БелаПАН) не носіць закрыты або таемны характар, але мне хацелася б без вашага інфармагенцтва, таму што я не стаўлюся да вас, як да аб'ектыўнага вяшчальніка... Я шмат разоў чытаў нейкія дзіўныя публікацыі ў вас, відавочна не зацікаўленыя вы ў дзяржаве».
На рэмарку пра тое, што запланаваная да абмеркавання тэма цікавая журналістам усіх выданняў, Давыдзька сказаў: «Ну, магчыма, але я не вельмі вам давяраю, так прасцей сказаць».
вс