У Беларусі памер першы пацыент, у якога тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік – Віктар Дашкевіч, актор віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа, перааде Радыё Свабода.
У прэсавай службе Мінздароўя Беларусі пакуль не ўдалося атрымаць каментар аб прычынах смерці Дашкевіча, прэсавая сакратарка Юлія Барадун не здымае слухаўку.
У студзені актору споўнілася 75 гадоў. Віктар Дашкевіч ад 1973-га працаваў у Коласаўскім тэатры, з 1981-га па 1990-ы і з 1991-га па 2007 год выконваў абавязкі загадчыка трупы. На сцэне выканаў дзясяткі роляў. Заслужаны артыст Беларусі (2016), быў узнагароджаны медалём Францішка Скарыны (2010), ганаровымі граматамі Савета міністраў (1996) і Нацыянальнага сходу Беларусі (2006) ды іншымі ўзнагародамі.
Да шпіталізацыі ён ужо меў хранічную абструктыўную хваробу лёгкіх.
Днём раней ягоная жонка расказвала Свабодзе, што мужчына 6 дзён знаходзіўся ў рэанімацыі ў Віцебску на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх – у яго выявілі COVID-19.
«Мужу на пяты дзень лячэння стала горш, яго перавялі ў рэанімацыю, і ён ужо 6 дзён знаходзіцца на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Другі тэст на каранавірус паказаў станоўчы вынік».
Сама яна таксама 5 дзён праляжала ў чыгуначным шпіталі Віцебску з пнеўманіяй.
У Беларусі на 30 сакавіка пацвердзілі 152 выпадкі інфікавання новым каранавірусам: 47 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 105 «знаходзяцца пад медычным кантролем і на лячэнні». Да сённяшняга дня пра смерці людзей з пацверджаным дыягназам COVID-19 не паведамлялася.
IAR/эж