Беларуская Служба

Рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука адпусцілі з-пад варты

05.04.2020 14:28
Абвінавачванне журналісту так і не было прад'яўлена.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:jhusemannde/pixabay.com/CC0 Public Domain

Рэдактара выдання «Ежедневник» Сяргея Сацука 4 красавіка вызвалілі з-пад варты. Пра гэта TUT.BY паведамілі ягоныя калегі. Адпаведнае рашэнне прыняў Генеральны пракурор Беларусі, паведамляе «Штодзённік». Абвінавачванне Сяргею Сацуку так і не было прад'яўлена. Цяпер Сяргей Сацук знаходзіцца дома са сваёй сямʼёй.

У журналіста ўзялі абавязацельства аб яўцы і вызвалілі. Пра гэта Сяргей Сацук расказаў Беларускай асацыяцыі журналістаў: «Каб следства магло працаваць без ціску, прынята рашэнне мяне вызваліць».

Сяргей распавёў, што напярэдадні свайго затрымання атрымаў матэрыялы для новага журналісцкага расследавання і вырашыў працаваць у гэтым кірунку.

- У нядзелю мы з польскім калегам абмяркоўвалі матэрыялы па новай прэзідэнцкай бальніцы, раіліся. А ў сераду мяне затрымалі, – распавядае Сяргей, але падкрэслівае, што быў некалькі разоў папярэджаны следчымі аб непажаданасці каментароў.

Журналіст застаецца ў статусе падазраванага. Таксама ў яго ўзятая падпіска аб невыдаванні матэрыялаў справы, паведамляе БАЖ.

Нагадаем, супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю затрымалі галоўнага рэдактара выдання «Ежедневник» Сяргея Сацука 25 сакавіка з падазрэнні ў атрыманні хабару. 27 сакавіка супрацоўнікаў «Ежедневника» дапыталі ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў КДК, Сяргея Сацука перавялі ў СІЗА № 1.

31 сакавіка Камітэт дзяржкантролю ў дачыненні да Сяргея Сацука пачаў крымінальную справу па ч. 2 арт. 430 (Атрыманне хабару) КК. На думку следства, Сацук атрымаў у якасці хабару за напісанне артыкула «на канкурэнтаў» 5 тысяч долараў.