Беларуская Служба

Мінздраў разлічвае, што сітуацыя з захворваннем каранавірусам у краіне стабілізуецца праз 3-4 тыдні

20.04.2020 15:21
«Кожны выпадак разглядаецца як ачаг і ў абавязковым парадку праводзіцца пошук кантактаў, такім чынам перарываючы ланцужок распаўсюджвання каранавіруса».
Каранавірус у свецеPAP/EPA/FEHIM DEMIR

Міністэрства аховы здароўя Беларусі разлічвае, што сітуацыя з захворваннем каранавірусам у краіне стабілізуецца праз 3-4 тыдні, паведамляе Інтэрфакс.

«На працягу двух-трох тыдняў сітуацыя (з каранавірусам – ІФ) не скончыцца. Мы будзем у эпідпрацэсе», – заявіла намеснік міністра аховы здароўя – галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Наталля Жукава ў эфіры тэлеканала «АНТ».

Разам з тым, працягнула Жукава, у ведамства ёсць перадумовы меркаваць, што захворванне павінна зніжацца ў бліжэйшыя тры-чатыры тыдні.

«Чаму робім такую выснову? Мы адсочваем захворванне рэспіраторных інфекцый, а каранавірус адносіцца да групы вірусаў, якія выклікаюць рэспіраторныя інфекцыі. І зніжэнне захворвання рэспіраторнымі інфекцыямі па ўсіх рэгіёнах рэспублікі дае нам падставу меркаваць, што і захворванне каранавірусам праз некалькі тыдняў ва ўсякім выпадку стабілізуецца, ці пачне зніжацца », – патлумачыла яна.

Жукава таксама падкрэсліла, што міністэрства праводзіць вялікую працу па лакалізацыі ачагоў распаўсюджвання каранавіруса. «Кожны выпадак разглядаецца як ачаг і ў абавязковым парадку праводзіцца пошук кантактаў, такім чынам перарываючы ланцужок распаўсюджвання каранавіруса», – адзначыла прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя.

ав