У Стаўбцоўскім раёне застаецца складанай эпідэміялагічная сітуацыя. Пра гэта раённаму выданню «Прамень» паведаміла галоўная доктарка цэнтральнай раённай больніцы Святлана Глебка.
Лекарка адзначыла, што ў Стоўбцах на базе раённай больніцы адкрыты шпіталь на 134 месцы. Практычна ўсе аддзяленні перапрафіляваныя для лячэння каранавіруснай інфекцыі.
«Колькасць хворых з пнеўманіяй не змяншаецца. Таму прашу ад жыхароў раёну строга выконваць рэжым самаізаляцыі. На гэты час неабходна адкласці ўсе справы, якія павядуць вас у соцыум», – заявіла яна.
Святлана Глебка заклікала адмовіцца ад сяброўскіх сустрэчаў, паціскання рук, абдымкаў. Таксама трэба мыць рукі, насіць маскі ды пальчаткі ў грамадскіх месцах, захоўваць дыстанцыю адно ад аднаго.
«Мы ўсе павінны зразумець, што безадказнасць аднаго чалавека можа стаць прычынай для распаўсюджання інфекцыі», – сказала доктарка.
Паводле яе, хворых з пнеўманіямі ды каронавірусам зараз шпіталізуюць у іншыя раёны.
ав