Беларуская Служба

Камітэт ААН разгледзіць скаргу беларускага музыкі

20.04.2020 17:16
Камітэт адправіў 16 красавіка паведамленне для каментароў беларускім уладам.
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў індывідуальнае паведамленне вакаліста мінскай музычнай групы аб умяшальніцтве беларускіх уладаў у свабоду творчага выказвання меркавання. Камітэт адправіў 16 красавіка паведамленне для каментароў беларускім уладам. У сувязі з пандэміяй ім прадастаўлены не шасцімесячны тэрмін, як звычайна, а восем месяцаў для прадстаўлення сваёй пазіцыі па паведамленні музыканта.

Нагадаем, музыка Дзмітрый чатыры гады з'яўляўся вакалістам мінскай музычнай групы, якая рэгулярна выступала ў розных гарадах Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Чэхіі і Германіі. Гэтай групай зацікавіўся ГУБАЗіК МУС. Прычынамі такой павышанай цікавасці сталі пяць песень гэтай групы, якія, на думку ўладаў, нібыта ўтрымлівалі заклікі да звяржэння ўлады неканстытуцыйным шляхам. У адносінах да вакаліста гэтай музычнай групы супрацоўнікі ГУБАЗіК выпрабавалі шэраг метадаў ціску на чалавека: вярбоўка, пагроза ЛПП і пазбаўленнем волі па артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса. У выніку Дзмітрыю вынеслі афіцыйнае папярэджанне «аб недапушчальнасці здзяйснення дзеянняў, якія могуць угледжваць прыкметы экстрэмізму». У афіцыйным папярэджанні ГУБАЗіКа і іншых дакументах не было адзначана, якія менавіта фразы ў тэксце песень расцэньваюцца імі як праява экстрэмізму.

У індывідуальным звароце музыка просіць Камітэт ААН не толькі прызнаць факт парушэння дзяржавай яго правоў, абавязаць Беларусь прадаставіць яму эфектыўны сродак прававой абароны, уключаючы выплату належнай кампенсацыі, але і рэкамендаваць дзяржаве перагледзець антыэкстрэмісцкае заканадаўства, каб не надзяляць законам шырокімі паўнамоцтвамі дзяржаўныя органы.

ав