Школьнікі могуць атрымаць гадавую адзнаку па выніках трох чвэрцяў – правілы атэстацыі гэта дазваляюць. Пра гэта намеснік міністра Адукацыі Аляксандр Кадлубай заявіў Беларускаму Тэлебачэнню, перадае «Еўрарадыё».
20 красавіка ў беларускіх школах пачалася чацвёртая чвэрць. З прычыны эпідэміі каранавіруса вясновыя вакацыі доўжыліся тры тыдні замест аднаго. Аднак у першы навучальны дзень, па звестках Мінадукацыі, у школы прыйшлі 30-40% вучняў.
Многія бацькі не пусцілі дзяцей у школу, перавёўшы іх на дыстанцыйнае навучанне.
Чыноўнік з Мінадукацыі падкрэсліў, што бацькі маюць права пакідаць сваіх дзяцей дома. У бліжэйшыя два дні Мінадукацыі абяцае прыняць дакумент, які вызначыць, ці пазначаць адсутнасць такіх дзяцей на занятках і як ацэньваць веды пры завочным навучанні.
Тым часам каранавірус шырыцца Беларуссю. Паводле афіцыйных звестак, носьбітамі каранвіруса новага тыпу з’яўляюцца 6264 чалавекі, 51 пацыент з COVID-19 памёр.
эж