Беларуская Служба

У ГрДУ размеркаванне выпускнікоў праходзіць у анлайн-рэжыме

21.04.2020 14:47
Усяго ў гэтым годзе ў Купалаўскім універсітэце размяркуюць каля 950 выпускнікоў.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneShutterstock.com

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце размеркаванне выпускнікоў праходзіць у анлайн-рэжыме. Усяго ў гэтым годзе ў Купалаўскім універсітэце размяркуюць каля 950 выпускнікоў. «Цяперашняя сітуацыя толькі паскорыла ўкараненне такога фармату працы», – патлумачыў прарэктар па вучэбнай рабоце ГрДУ Генадзь Гачко.

Як піша сайт газеты «Звязда», зараз выпускнікі знаходзяцца на пераддыпломнай практыцы, часта ў розных гарадах. Для працэдуры размеркавання ім трэба было б з'явіцца на пасяджэнне камісіі асабіста. Цяпер жа ў гэтым няма неабходнасці, гаворыць Гачко. У рамках новага фармату ў аўдыторыі ўніверсітэта працуе дзяржаўная камісія па размеркаванні, запрошаныя таксама прадстаўнікі арганізацый – заказчыкі кадраў. Студэнты ў пэўны час далучаюцца да анлайн-платформы дыстанцыйна. «Далей усё адбываецца, як на звычайным размеркаванні», – расказаў прарэктар.

Генадзь Гачко падкрэсліў, што ў ВНУ выпрацаваны эфектыўны механізм размеркавання выпускнікоў, які дазваляе на 100% забяспечыць першым рабочым месцам студэнтаў і магістрантаў, якія атрымліваюць адукацыю за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Атрымаюць накіраванне на працу і студэнты-платнікі, якія выказалі такое жаданне. З кожным годам іх колькасць узрастае.

Размеркаванне ў ГрДУ імя Янкі Купалы працягнецца да 29 красавіка.

вс

здымак мае ілюстрацыйны характар