Беларуская Служба

СААЗ апублікавала рэкамендацыі ўладам Беларусі па барацьбе з COVID-19

21.04.2020 17:02
Уладам Беларусі рэкамендавана адкласці масавыя мерапрыемствы, уключаючы спартыўныя, рэлігійныя і культурныя.
Час пандэміі на вуліцы МінскаEPA/TATYANA ZENKOVICH

Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) заклікае Беларусь узмацніць меры сацыяльнага дыстанцыявання, адмяніць усе масавыя мерапрыемствы і перавесці навучанне ў анлайн. Рэкамендацыі місіі СААЗ, якая наведала Беларусь 7–11 красавіка, апублікаваныя сёння на сайце арганізацы, паведамляе агенцтва БелаПАН.

Уладам Беларусі рэкамендавана адкласці масавыя мерапрыемствы, уключаючы спартыўныя, рэлігійныя і культурныя; змяшчаць у каранцін «кантакты пацверджаных пацыентаў» і людзей, якія патэнцыйна схільныя да ўздзеяння віруса; перавесці школы, універсітэты і іншыя навучальныя ўстановы на дыстанцыйнае навучанне; скараціць неабавязковыя перамяшчэнні людзей, асабліва для груп высокай рызыкі.

Эксперты СААЗ таксама заклікаюць ажыццяўляць «празрыстае і рэгулярнае інфармаванне» грамадскасці аб цяперашняй сітуацыі, рызыках і мерах па рэагаванні.

Арганізацыя таксама раіць «працягваць аказанне асноўных медыцынскіх паслуг і сацыяльна-эканамічнай падтрымкі людзям, якія ў ёй маюць патрэбу, асабліва найбольш неабароненым пластам насельніцтва».

На прэс-канферэнцыі ў Мінску 11 красавіка кіраўнік місіі Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ Патрык О'Конар заявіў, што Беларусь уваходзіць у новую фазу эвалюцыі ўспышкі каранавіруснай інфекцыі, і цяпер час «рыхтавацца да найгоршых сцэнарыяў і ўмацоўваць узаемадзеянне ўрада з усім грамадствам».
Сярод станоўчых момантаў прынятых у краіне мер эксперты СААЗ адзначылі працу эпіднагляду, наяўнасць лабараторый для апрацоўкі тэстаў, размежаванне пацыентаў у медустановах для выключэння перадачы каранавіруса, а таксама аператыўную арганізацыю мясцовай вытворчасці сродкаў абароны для работнікаў аховы здароўя.

вс