Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 19.255 (8,7% ад колькасці праведзеных тэстаў), памерла 112 чалавек, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.
Такім чынам, за апошнія суткі памерлі яшчэ пяць чалавек, а агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 павялічылася на 905, паведамляе БелаПАН.
Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што памерлі пацыенты „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”.
Ачунялі і выпісаныя 4.388 пацыентаў (617 за суткі). Усяго праведзена больш за 220 тэстаў. Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку хворых па абласцях і Мінску, а таксама колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і тых, якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”.
Аляксандр Лукашэнка 5 мая заявіў аб тым, што прагноз беларускіх спецыялістаў аб развіцці ў краіне эпідсітуацыі з COVID-19 „пакуль спраўджваецца з дзіўнай дакладнасцю”. Кіраўнік дзяржавы разлічвае на завяршэнне ў Беларусі „эпапеі” з каранавірусам праз месяц.
У красавіку міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік у Палаце прадстаўнікоў паведаміў, што, паводле разлікаў Міністэрства аховы здароўя, на пік захворвання на каранавірус Беларусь выйдзе ў канцы красавіка — пачатку траўня.
Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан на прэс-канферэнцыі 14 красавіка дала прагноз, што рост колькасці пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі на 300—400 за суткі працягнецца яшчэ два-тры тыдні, пасля чаго пачнецца спад.
Аднак гэты прагноз не апраўдаўся - спаду не адбылося, а лік выпадкаў COVID-19, якія выяўляюцца штосуткі, удвая большы за агучаныя раней ацэнкі Міністэрства аховы здароўя.
аз