9 траўня, нягледзячы на рост колькасці выпадкаў COVID-19 у Беларусі, у Мінску прайшоў маштабны парад, праходзяць і іншыя масавыя мерапрыемствы ў гонар 75-годдзя Перамогі. Большасць гледачоў, якія прыйшлі на парад, былі без ахоўных масак, перадае Еўрарадыё.
«Павінен сказаць, што мы не можам адмяніць парад. Проста не можам... І падумайце, што скажуць людзі. Можа не адразу, праз дзень, праз два пасля гэтага, – скажуць, што спужаліся», – заявіў напярэдадні Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі кіраўнік адправіў святочныя тэлеграмы лідарам краінаў, які ўваходзілі ў «Антыгітлераўскую кааліцыю». Дарэчы, Расія і Кітай адхілілі запрашэнне беларускага боку, не пусціўшы сваіх ваенных у Мінск на парад.
У парадзе ўзялі ўдзел 3000 вайскоўцаў, 185 адзінак тэхнікі, 42 паветраных судны. Трыбуны разлічаны на 11 тысяч гледачоў. Нягледзячы на тое, што Лукашэнка паабяцаў нікога «не заганяць» на мерапрыемства, многія студэнты распавялі пра «бонусы», якія ім прапануюць за ўдзел у парадзе, таксама вядома пра дзіўныя званкі з прапановамі паглядзець парад у віп-ложы тым, хто выпісаўся з лякарняў пасля заражэння каранавірусам.
Тым часам эпідэмія каранавіруса працягвае шырыцца Беларуссю. Па стане на 9 траўня ў Беларусі выяўлена 22 052 выпадкі каранавіруснай інфекцыі. За содні інфікаваных стала больш яшчэ на 951 чалавек.
Паводле афіцыйных дадзеных, спачатку эпідэміі ад гэтай хваробы памерлі 126 жыхароў Беларусі.
эж