Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 22.973 (8,7% ад агульнага ліку праведзеных тэстаў), памёр 131 чалавек, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале - піша БелаПАН.
Такім чынам, за апошнія суткі памерлі яшчэ пяць чалавек, а агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 павялічылася на 921, або на 4,1% (у папярэднія суткі быў 951 новы выпадак і пяць смерцяў). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што памерлі пацыенты «з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй».
Ачунялі і выпісаныя 6.406 пацыентаў (+356 за суткі).
У міністэрстве адзначылі, што ў краіне на сённяшні дзень адкрытыя 38 лабараторый. «Праведзена 263.543 тэсты. Ужо другія суткі колькасць праведзеных тэст-даследаванняў перавышае 10 тысяч. За суткі, з 9 на 10 мая, спецыялісты правялі 11.772 даследаванні», – гаворыцца ў паведамленні.
Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку захварэлых па абласцях і Мінску, а таксама колькасць хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, што маюць патрэбу «у асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання».
Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік 8 мая заявіў журналістам, што ў некаторых раёнах Мінскай і Віцебскай абласцей назіраецца зніжэнне захворвання на каранавірусную інфекцыю. «У астатніх рэгіёнах мы лічым, што выйшлі на плато. Трэба яшчэ некаторы час аказваць дапамогу ў такім інтэнсіўным рэжыме, пасля чаго будзе зніжэнне захворвання і зваротнае перапрафіляванне ложкавага фонду для звычайнага рэжыму працы», – паведаміў чыноўнік.
Аналіз сітуацыі, заўважыў чыноўнік, паказвае, што ў большасці пацыентаў інфекцыя працякае ў лёгкай форме, але ў 15-20% выяўляюцца ўскладненні ў выглядзе пнеўманіі. Меддапамогу пацыентам аказваюць як у амбулаторных умовах пры лёгкай форме захворвання, так і ў стацыянарах. На сёння перапрафіляваны ложкавы фонд заняты менш як на палову, ёсць усе неабходныя медыкаменты, абсталяванне, заявіў Каранік. «Мы лічым, што сітуацыя кантраляваная, кіраваная, рэзервы ў сістэмы аховы здароўя ёсць», – падкрэсліў ён.
Каранік паведаміў, што найбліжэйшым часам у Беларусь прыбудуць экспрэс-тэсты на антыцелы да COVID-19. На наступным тыдні чакаюцца дадатковыя пастаўкі. На першым этапе тэсты размяркуюць па медыцынскіх установах. Міністэрства аховы здароўя таксама плануе правесці ў асобных раёнах краіны цэнтралізаваныя даследаванні для вызначэння імуннай праслойкі да COVID-19. «Мы пастараемся зрабіць гэта максімальна аператыўна. Па шэрагу раёнаў будзем праводзіць цэнтралізаваныя даследаванні ўсіх пацыентаў, якія знаходзіліся на бальнічным лісце ў апошнія два месяцы ў сувязі рэспіраторнымі інфекцыямі», – сказаў міністр.
Ён не выключае верагоднасці таго, што другая хваля захворвання наступіць у асенне-зімовы перыяд. «Таму мы будзем праводзіць даследаванні, каб вызначыць імунную праслойку сярод нашага насельніцтва. У нейкіх раёнах гэта будзе цэнтралізавана, дзесьці будзе наладжаная магчымасць прайсці ўсім ахвотным», – дадаў Каранік.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што«калі мы і далей будзем ісці абраным шляхам, мы абавязкова праз месяц забудзем пра каранавірус». Ён выказаў упэўненасць у тым, што «у Беларусі здолеюць перамагчы каранавірус, у тым ліку і з Божай дапамогай». «Думаю, Гасподзь дапаможа пераадолець па ўсёй краіне гэтыя няшчасце і навалу», – заявіў кіраўнік дзяржавы 8 мая пасля ўрачыстай цырымоніі закладкі капсул з зямлёй, сабранай у месцах вайсковай славы і гібелі мірнага насельніцтва, якая прайшла ў мінскім храме-помніку Усіх Святых.
нг